сістэмны падзел зямной паверхні на асобныя супадпарадкаваныя прыродныя часткі. Адрозніваюць раянаванне паводле кампанентаў прыроднага асяроддзя (геамарфалагічнае, кліматычнае, глебавае і г.д.) і комплекснае (ландшафтнае). Занальныя адзінкі комплекснага раянавання — паясы геаграфічныя, зоны геаграфічныя, падзоны, фізіка-геагр. палосы; азанальныя — сектар, краіна, вобласць, правінцыя, акруга, раён.
Першае раянаванне Усх.-Еўрапейскай раўніны правёў Г.І.Танфільеў у 1897, тэр. Беларусі — В.А.Дзяменцьеў у 1948 (удакладненні 1959 і 1960). Паводле прыродных умоў і накіраванасці прыродных працэсаў на тэр. Беларусі былі вылучаны 6 правінцый, 6 акруг, 40 раёнаў і 53 падраёны. Існуюць таксама спрошчаныя варыянты Ф.-г.р., напр., 2 падзоны, 6 правінцый, 2 акругі, 32 раёны (Дзяменцьеў, 1965); 5 правінцый і 34 раёны (Дзяменцьеў, 1965; з дапаўненнямі В.Р.Сіняковай і В.П.Якушка, 1990).
Распрацавана Ф.-г.р., якое адпавядае адзінай еўрап. дзесятковай сістэме фізіка-геагр. раянавання сушы, дзе тэр. Беларусі ўваходзіць у краіну Усх.-Еўрапейскай раўніны і ў Еўрапейскую вобласць мяшаных лясоў; падзяляецца на 5 правінцый, 14 акруг, 49 раёнаў (Н.К.Кліцунова, Г.І.Марцынкевіч, І.І.Шчасная, В.П.Якушка, 2001). Правінцыі вылучаны паводле араграфічных ступеней, якія адлюстроўваюць розны генезіс рэльефу, асаблівасці клімату, глебава-расліннага покрыва, накіраванасць фізіка-геагр. працэсаў. Зах.-Бел. правінцыя ахоплівае сістэму ўзвышшаў; Усх.-Бел. — уяўляе сабой узвышаную раўніну з абс. адзнакамі 180—230 м; Палеская — нізіну з адзнакамі ніжэй за 150 м і Перадпалеская — пераходную араграфічную прыступку выш. 150—190 м. Беларуская Паазерская правінцыя вылучана паводле ўзросту ўтварэння рэльефу і адпавядае вобласці пашырэння паазерскага ледавіка. Межы фізіка-геагр. акруг абумоўлены рознымі тыпамі рэльефу і антрапагенавых адкладаў. Найбольш акруг вылучана ў Бел. Паазерскай, Палескай (па 4 акругі) і Зах.Беларускай (3) правінцыях, што абумоўлена неаднароднасцю геолага-геамарфалагічнай асновы правінцый. На раёны тэр. Беларусі падзяляецца паводле тыпаў рэльефу і характару глебава-расліннага покрыва. Большасць фізіка-геагр. раёнаў адпавядае геамарфалагічным па межах і назве. Ф.-г.р. выкарыстоўваецца пры ацэнцы прыродных умоў і рэсурсаў.